Лужычане жывуць у Нямеччыне, не забываюцца мовы сваёй і не паміраюць

Будышын

Лужыца — рэгіён, разьмешчаны на тэрыторыі нямецкіх земляў Саксонія і Брандэнбург. У гэтым рэгіёне жыве невялікая славянская нацыянальная меншасьць — лужычане або лужыцкія сэрбы. (Ня блытаць з балканскімі сэрбамі!)

У лужыцкіх сэрбаў свая асобная мова, нават дзьве: верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая. Лужычане ў Саксоніі гавораць на верхнялужыцкай мове, а ў Брандэнбургу — на ніжнялужыцкай. Наагул можна сказаць, што верхнялужыцкая мова бліжэйшая да чэскай мовы, а ніжнялужыцкая — да польскай.

20 тысяч лужычанаў гавораць на сваёй мове - і старыя, і малыя

У канцы чэрвеня мы наведалі паўднёвую частку Лужыцы, якая знаходзіцца ў Саксоніі. Мы прыехалі сюды зайсьці ў рэдакцыю газэты «Serbske Nowiny», якая месьціцца ў горадзе Будышын (Баўцэн), культурным цэнтры лужыцкіх сэрбаў, а таксама пабываць на міжнародным фальклёрным фэстывалі, які арганізуецца раз на два гады.

Ацэньваецца, што ў 40-тысячным Будышыне каля 10% насельніцтва складаюць этнічныя лужыцкія сэрбы. Горад прыгожа раскінуўся над ракой Шпрэўяй (Шпрэе), за 50 кілямэтраў на ўсход ад Дрэздэну. У горадзе вылучаецца гістарычны цэнтар з замкам Ортэнбург, які быў збудаваны яшчэ ў Х стагодзьдзі і перабудаваны ў гатычным стылі ў другой палове XV стагодзьдзя.

Лічыцца, што ў Нямеччыне жывуць каля 60 тысяч лужыцкіх сэрбаў — 20 тысяч у Верхняй Лужыцы і 40 тысяч у Ніжняй Лужыцы. Аднак гэтыя дадзеныя не пацьверджаныя ніякімі падлікамі: у агульнанацыянальных нямецкіх перапісах этнічнае паходжаньне не адзначаецца.

Галоўны рэдактар штодзённай газэты «Serbske Nowiny» Янак Воўчар (па-лужыцку Janek Wowčer; па-нямецку Janek Schäfer) сказаў нам, што на верхнялужыцкай мове ўсё яшчэ гавораць каля 20 тысяч чалавек. Усе яны, зразумела, валодаюць і нямецкай мовай. І няблага разумеюць сумежныя славянскія мовы: чэскую і польскую. Мы без праблемаў дагаворваліся з лужычанамі на чэскай мове. Зразумець іхную верхнялужыцкую нам было нашмат цяжэй, чым ім нашу чэскую.

Сытуацыя зь ніжнелужыцкай мовай значна больш складаная — некаторыя кажуць, што гэтая мова ўжо амаль памерла. Тым ня менш, існуе адмысловая праграма падтрыманьня і ажыўленьня ніжнялужыцкай мовы для дзяцей у дзіцячых садках і школах Ніжняй Лужыцы.

Янак Воўчар

А як ставяцца да нацыянальнай меншасьці прадстаўнікі большасьці - немцы? Мы папрасілі нашага суразмоўцу адказваць на нашы пытаньні на сваёй роднай мове, якую беларусам рэдка дзе і калі даводзіцца чуць.

Your browser doesn’t support HTML5

Янак Воўчар пра стаўленьне немцаў да лужыцкіх сэрбаў

Штодзённая газэта з каляровымі карцінкамі

Газэта «Serbske Nowiny» выходзіць пяць разоў на тыдзень. Распаўсюджваецца выключна праз падпіску. Цяпер у яе — 1000 падпісчыкаў. Раз на месяц выходзіць нямецкамоўны дадатак да газэты. Газэта пачала выходзіць у 1842 годзе, а ў 1854 атрымала назву «Serbske Nowiny». У 1937 годзе нацысты закрылі гэтае выданьне. У часы Германскай дэмакратычнай рэспублікі газэта ўзнавіла выхад пад новай назвай — «Nowa doba». У 1989 годзе вярнулася да традыцыйнай назвы. У рэдакцыі працуюць 13 чалавек: 7 рэдактараў-журналістаў, стажор, фатограф, стыль-рэдактар, 2 графічныя рэдактары, сакратарка.

Газэта «Serbske Nowiny» выходзіць у выдавецтве «Domowina» ў Будышыне. Выдавецтва месьціцца ў тым самым будынку, што і газэта. У тым самым будынку знаходзіцца таксама лужыцкая кнігарня. «Domowina» атрымлівае фінансавыя сродкі з Фонду лужыцкага народу, прыблізна 2 мільёны эўра на год. У сваю чаргу, Фонд лужыцкага народу атрымлівае штогод амаль 17 мільёнаў эўра: 8,2 мільёна ад фэдэральнага ўраду; 5,7 мільёна ад зямлі Саксонія; 2,9 мільёна ад зямлі Брандэнбург.

Па дарозе з рэдакцыі мы абышлі будынак, дзе месьцяцца ўсе лужыцкія культурныя ўстановы, і зазірнулі ў кнігарню. Лужыцкія кнігі выходзяць рэгулярна, хоць і нягуста. Актыўна пішуць некалькі дзясяткаў літаратараў, але над імі па-ранейшаму ўзвышаюцца постаці сучасных клясыкаў - паэта Кіта Лорэнца і празаіка Юрыя Брэзана. На жаль, фатаграфаваць нам у самой кнігарні не дазволілі - рэжымны аб'ект... Затое нам пашэнціла скупіць у букіністычным аддзеле два апошнія асобнікі "Верхнялужыцка-расейскага слоўніка" 1974 году выданьня, набылі і што з гэтым слоўнікам пачытаць.

На вуліцах у Будышыне лужыцкай мовы асабліва не пачуеш. Але ёсьць месцы, якія трэба ведаць. Апрача ўжо згаданага "бастыёну", дзе месцяцца культурныя ўстановы, рэдакцыі і кнігарня, ёсьць яшчэ Сэрбскі музэй з даволі добрай і ўсеахопнай экспазыцыяй.

Яшчэ адін абавязковы пункт праграмы кожнага госьля лужыцкай сталіцы - рэстаран сэрбалужыцкай кухні "Wjelbik", які славіцца сваёй гасьціннасьцю і кулінарнай аўтэнтыкай.

Спыніліся мы ў гатэлі "Dom Eck" - "Саборны рог", які месьціцца каля Катэдральнага сабору, як раз на рагу. Праўда, дзеля таго, што мы ведалі толькі нямецкую назву, ідэнтыфікаваць гатэль, не зазіраючы ў слоўнік, удалося не адразу.

Фэстываль

Якраз у Кросчычах — дзе жыве тысяча чалавек, амаль усе зь якіх гавораць на верхнялужыцкай мове — 24 чэрвеня адбыліся найважнейшыя канцэрты сёлетняга Міжнароднага фальклёрнага фэстывалю ў Лужыцы, на які былі запрошаныя фальклёрныя калектывы з тузіну замежных краінаў, у тым ліку і «Крупіцкія музыкі» зь Беларусі. Дарэчы, гэты калектыў, створаны ў вёсцы Крупіцы Менскага раёну 35 гадоў таму, на нашу думку меў найлепшы выступ на фэстывалі ў Кросчыцах.

Але цікавейшымі за выступы ўдзельнікаў фэстывалю былі жывыя кантакты зь мясцовымі людзьмі.

Тры лужыцкамоўныя пакаленьні

Школа, сям'я, асяродзьдзе

Каля 5 тысяч дзяцей у Верхняй Лужыцы ходзяць у лужыцкія і дзьвюхмоўныя, лужыцка-нямецкія, школы. У малодшых клясах усе прадметы выкладаюцца па-лужыцку; у старэйшых — такія прадметы як фізыка і матэматыка выкладаюцца па-нямецку і па-лужыцку. Мы пагаварылі зь сям’ёй Клемэнса і Юдыт Шкодаў зь вёскі Панчыцы пра тое, ці лёгка захоўваць сваю мову, культуру і традыцыі лужыцкім сэрбам ім у сям’і і лужыцкім сэрбам у Саксоніі.

Your browser doesn’t support HTML5

На вёсцы дамовіцца па-лужыцку не праблема

На разьвітаньне Юдыт зь дзецьмі засьпявалі нам лужыцкую песеньку.

Your browser doesn’t support HTML5

Юдыт Шкода зь дзецьмі сьпявае лужыцкую песьню

Апошняя сустрэча чакала нас ужо, калі мы зьбіраліся вяртацца ў Прагу. Проста на фэстывальнай вуліцы нас пазналі нейкія беларускія людзі - Пятро і Марлена. Як выявілася, яны тут ня першы і не другі раз, цікавяцца лужыцкай сытуацыяй, маюць тут сяброў, зь якімі падтрымліваюць творчыя кантакты. Сябры гэтыя таксама стаялі побач - гэта быў вядомы нават і ў Беларусі сэрбалужыцкі "антыфолк-панк-шансон"-дуэт Berlinska dróha - Ута і Паўль. На фоне фэстывальных бутафорскіх "вышыванак" яны глядзеліся сапраўды жыва і арыгінальна.