Ад выбуху ў Данецкай вобласьці загінуў палкоўнік Службы бясьпекі Украіны (СБУ) Юрый Возны. Яшчэ 3 чалавекі параненыя.
Як паведаміла СБУ ў сераду, выбухнула машына, у якой яны ехалі. Гэта адбылося ў Канстанцінаўскім раёне вобласьці, які кантралюе ўкраінская армія.
Вайсковая пракуратура кваліфікавала гэта як тэракт.
27 чэрвеня пры выбуху закладзенай у аўтамабіль бомбы ў Кіеве загінуў палкоўнік ваеннай выведкі Максім Шапавал. У якасьці асноўнай вэрсіі разглядаецца «расейскі сьлед». Шапавал быў камандзірам першай групы ўкраінскага спэцназу, які спрабаваў вызваліць ў 2014 годзе аэрапорт Данецку.