Беларусь разам з суседзямі будзе дамагацца ўнясеньня Акту аб стварэньні Рэчы Паспалітай у сьпіс UNESCO

Люблінкая унія. Ян Матэйка.

У Менску адбываецца паседжаньне беларуска-польскай міжнароднай камісіі па пытаньнях культурнай спадчыны.

Як паведаміў Польскаму агенцтву друку віцэ-міністар культуры Польшчы Ярослаў Сэлін, які прымае ўдзел у сустрэчы, бакі дамовіліся наконт супольных дзеяньняў да 450 годзьдзя Люблінскай уніі.

«Думаю, што мы шмат аб чым дамовіліся. Разам зь Беларусьсю, Украінай, Літвой і Латвіяй мы будзем дамагацца ўнясеньня ў сусьветную спадчыну UNESCO Акту Люблінскай уніі, якой праз два гады спаўняецца 450 гадоў» — сказаў віцэ-міністар.

Акт Люблінскай уніі быў прыняты 1 ліпеня 1569 году. Гэта дакумэнт фэдэрацыйнага аб’яднаньня дзьвюх дзяржаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, зацьверджаны на Люблінскім сойме.

Камісія дамовілася таксама наконт ушанаваньня публіцыста Ежы Гедройця, пісьменьніка Сяргея Пясэцкага, мастака Ўладыслава Стшэміньскага і музыкі Чэслава Немэна. Беларускі бок выступіў зь ініцыятывай ушанаваньня мастака Фэрдынанда Рушчыца. Яго сямейны двор у вёцы Багданава ў Валожынскім раёне будзе адбудаваны, у ім пачне працу музэйная экспазыцыя.

Беларуска-польская кансультацыйная камісія па пытаньнях культурнай спадчыны дзейнічае больш за 20 гадоў.