Прадстаўнік партыі «Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысьціянскіх семʼяў» Яраслаў Наркевіч абураны тым, што ў парлямэнце краіны не дазволілі зарэгістраваць міжпарлямэнцкую групу па сувязях зь Беларусьсю, паведамляе delfi.lt.
«Яшчэ ў лістападзе была заснаваная міжпарлямэнцкая група добрасуседзкіх сувязяў зь Беларусьсю. У групу запісаліся 18 дэпутатаў Сэйму, абраныя яе кіраўнікі. Аднак да гэтага часу групу ў Сэйме не рэгіструюць, хоць у адпаведнасьці са Статутам Сэйму гэта павінна было быць зроблена пасьля першага пасяджэньня, калі былі абраныя старшыня групы і яго намесьнікі», — заявіў у аўторак на пленарным пасяджэньні парлямэнта Наркевіч.
Сьпікер Сэйму Віктарас Пранцкэціс, у сваю чаргу, адказаў, што групу не рэгіструюць, паколькі гэта, маўляў, рэкамэндаваў парлямэнцкі Камітэт замежных спраў.
Кансэрватар Ляўрынас Кашчунас прапанаваў ініцыятарам сяброўства зь Беларусьсю далучыцца да ўжо дзеючай у Сэйме групы падтрымкі беларускай апазыцыі.
«У Беларусі няма свабодна абранага дэмакратычнага парлямэнта, таму ствараць групы сяброўства з фасаднымі інстытутамі аўтарытарнага рэжыму не да твару чальцам дэмакратычнага парлямэнта».