Узброены расейскі зьнішчальнік праляцеў за некалькі мэтраў ад амэрыканскага вайсковага самалёта, які ажыцьцяўляў палёт над Балтыйскім морам, паведаміў «Голасу Амэрыкі» амэрыканскі чыноўнік.
Пэнтагон паведаміў, што амэрыканскі самалёт-выведнік RC-135 у панядзелак быў непрафэсійна «перахоплены» ў міжнародным паветранай прасторы расейскім зьнішчальнікам Су-27.
«Праз высокую хуткасьць збліжэньня і дрэнную кіравальнасьць лятальнага апарата падчас перахопу гэтае ўзаемадзеяньне прызнана небясьпечным», — заявіла ў аўторак «Голасу Амэрыкі» прадстаўнік Міністэрства абароны падпалкоўнік Мішэль Балданза.
Яна дадала, што гэты манэўр мог нанесьці сур’ёзны ўрон і траўмы чальцам абодвух экіпажаў.
Прадстаўнікі Пэнтагону падкрэсьлілі, што амэрыканскі самалёт-выведнік «не рабіў нічога, што магло справакаваць» паводзіны расейскага зьнішчальніка.
«Расейскія вайскоўцы маюць права практыкавацца ў міжнароднай паветранай прасторы, але яны павінны выконваць міжнародныя стандарты, вызначаныя для гарантаваньня бясьпекі і прадухіленьня інцыдэнтаў», — заявіла Балданза.
Цесныя збліжэньні вайсковых самалётаў, якія працуюць у міжнародным паветранай прасторы, адбываюцца рэгулярна. Афіцыйныя асобы кажуць, што пераважная большасьць збліжэньняў з удзелам амэрыканскіх вайсковых самалётаў праводзіцца бясьпечным чынам.