Давід Гросман. Фота: Claude Truong-Ngoc
У кнізе распавядаецца пра вечар з жыцьця актора-коміка, які выступае на сцэне ў невялікім ізраільскім гарадку. Аднойчы замест звычайнага камэдыйнага шоў публіка становіцца сьведкам пэрсанальнай драмы актора. Комік перад публікай «агаляе рану, зь якою ён жыў на працягу многіх гадоў: фатальны і жудасны выбар, які ён павінен быў зрабіць паміж дзьвюма самымі дарагімі для яго асобамі», паведамляецца на сайце прэміі.
Раман напісаны на іўрыце і перакладзены на ангельскую мову Джэсікай Коэн. Публікацыя кнігі на ангельскай — адна з абавязковых умоваў прысуджэньня прэміі. Прызавы фонд складае 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Аўтар і перакладчык дзеляць ўзнагароду напалову.
На Букеровскую прэмію ў гэтым годзе былі намінаваныя 126 аўтараў.
Давід Гросман (нар. у Ерусаліме ў 1954) — аўтар дзясятка раманаў і кнігаў аповесьцяў, ляўрэат шматлікіх ізраільскіх і міжнародных літаратурных прэмій. Вядомы таксама сваімі левымі палітычнымі поглядамі.