У Канадзе зладзяць флэшмоб у падтрымку зьняволеных у «справе патрыётаў»

Ілюстрацыйнае фота. Беларусы Таронта, Дзень Волі-2017

Увечары 15 чэрвеня на плошчы перад мэрыяй канадзкага Таронта мясцовыя беларусы заплянавалі флэшмоб у падтрымку зьняволеных у «справе патрыётаў». Арганізатары прапануюць удзельнікам сабрацца а 18-й гадзіне вечара паводле мясцовага часу, зрабіць фота на фоне вядомага месца ў горадзе з плякатам «Патрыёт не злачынца».

«Прыходзьце самі і запрашайце сяброў — нашым землякам вельмі важна часта проста ведаць, што яны не адны», — піша арганізатарка Валянціна Шаўчэнка.

Беларуская дыяспара ў Таронта даволі актыўная: пэрыядычна ладзіць сустрэчы зь вядомымі беларусамі, канцэрты беларускіх сьпевакоў, адзначае нацыянальныя сьвяты. Напрыклад, сьвяткаваньне Дня Волі ў 2017 годзе ў Таронта выглядала так.

У «справе патрыётаў» за кратамі застаюцца 14 чалавек, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы за «навучаньне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Шэраг затрыманых вызвалілі, справы супраць некаторых вызваленых спынілі. Затрыманыя казалі пра катаваньні, але Генпракуратура ня бачыць падставаў для пракурорскай праверкі.