Беларусь і Кітай дамаўляюцца аб маштабным інвэстыцыйным праекце ў аграрнай галіне ў 2017 годзе, распавядае Tut.by.
Інвэстыцыі ў Беларусь плянуюцца на 1 млрд даляраў, умовы і кірункі жа пакуль абмяркоўваюцца. Кітай цікавіць малочная вытворчасьць, інвэстар можа як збудаваць новае прадпрыемства, так і мадэрнізаваць адно зь дзейных.
Да 1 верасьня Кітай плянуе зарэгістраваць супольнае прадпрыемства па экспарце тавараў беларускай сельскай гаспадаркі ў аб’ёмах ня меней за 10 млн даляраў на месяц (пакуль увесь экспарт Беларусі ў Кітай складае 4,2 млн на квартал). Супольная кампанія можа атрымаць права выкупляць долі беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Беларусь прапанавала для інвэстыцыяў Аршанскі мяса-малочны камбінат, «Малочны гасьцінец» і «Здравушку-милк», Кітай гатовы разглядзець такі варыянт.
Таксама Кітай гатовы ўзяць у арэнду 20 тысяч га зямлі ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці пад пабудову малочных фэрмаў на 40 тысяч галоваў, выкупіць долю ў банку «Масква-Менск» і стварыць да 1 кастрычніка ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку прадпрыемства для выпуску поліляктыдных пакетаў на замену плястыкавым і поліэтыленавым.