Краіны Эўразьвязу заключылі палітычны дагавор аб стварэньні сыстэмы папярэдняга кантролю пры ўезьдзе на тэрыторыю ЭЗ. Праз гэтую сыстэму павінна адбывацца папярэдняя рэгістрацыя грамадзян, якія маюць права ўяжджаць у Эўропу бязь візы.
Аўтаматычная сыстэма, якая атрымала назву ETIAS, аналягічная амэрыканскаму фармуляру Esta і прызначаная для абароны межаў Эўразьвязу.
З дапамогай сыстэмы ETIAS грамадзяне такіх краін, як ЗША, Альбанія, Бразылія, Ізраіль ці Аб’яднаныя арабскія эміраты, павінны будуць запытваць папярэдняга дазволу на наведваньне Эўразьвязу. Прадугледжваецца збор у памеры 5 эўра за рэгістрацыю на сайце.
Праверка зьвестак пра падарожніка з дапамогай розных эўрапейскіх інфармацыйных баз дазволіць загадзя вызначаць асоб, якія могуць ствараць пагрозу «з пункту гледжаньня нелегальнай міграцыі або бясьпекі», паведаміла Міжнароднае францускае радыё.