Сумнае вока зямлі: горад як тэкст

Віктар Жыбуль

Фэномэн майстра «шпіёнскай» прозы Сяргея Пясецкага (1901–1964) — ня толькі ва ўменьні стварыць востры інтрыгоўны сюжэт, але і ў схільнасьці дакладна называць і апісваць мясьціны, дзе адбываецца дзеяньне. А паколькі мясьціны ў яго ўзятыя збольшага не з фантазіі, а з рэальнага жыцьця, ужо самі іх назвы гучаць пазнавальна нават для сучаснага чытача, асабліва — абазнанага ў тапаніміцы. Менавіта таму па матывах твораў Сяргея Пясецкага экскурсаводы сёньня ствараюць цікавыя маршруты. Апаноўвае нейкае незвычайнае захапленьне, калі праходзіш па тых самых мясьцінах, што і героі пісьменьніка, толькі амаль праз стагодзьдзе пасьля апісаных падзей. Адчуваеш горад як тэкст, як перапляценьне сьвету літаратурнага і сьвету рэальнага, мінулага і сучаснасьці. Зрэшты, Сяргей Пясецкі пісаў ня толькі пра гарады… Але асабіста мяне найбольш зачараваў маршрут паводле раману «Багам ночы роўныя», які дзякуючы Алесю Пяткевічу можна цяпер прачытаць і па-беларуску ў часопісе «Arche» (2015, № 11). А чаму менавіта гэты твор — вы далей зразумееце.

Забава прыбыў са сваёй шпіёнскай місіяй

…Дзеяньне рамана адбываецца ў далёкім 1923 годзе ў Менску, куды галоўны герой, агент польскай ваеннай выведкі Раман Забава, прыбыў са сваёй шпіёнскай місіяй. Пад выглядам кваліфікаванага тэхніка ён уладкаваўся на працу ў акумулятарнай, стаў «наглядчыкам Менскай управы поштаў і тэлеграфаў». Праўда, «легалізавацца ў Менску» было толькі нагодай, каб сустракацца зь Лізкай Брагінай, думкі пра якую не давалі Раману спакою. Адно са спатканьняў Рамана і Лізы адбываецца ў гарадзкім парку, вядомым сёньня як парк імя М. Горкага. У часы апісаных у рамане падзей ён называўся Прафінтэрн. Сяргей Пясецкі пра гэта ня згадвае, затое ўвесь маршрут далейшага шпацыру сваіх герояў перадае з тапанімічнай падрабязнасьцю:

«Берагам Сьвіслачы яны выйшлі на вуліцу Вясёлую. Спыніліся на мосьце.

— Можа, пойдзем за горад? — запрапанаваў Раман.

Лізка ахвотна згадзілася. Раман купіў чарэшні ў гандляркі, што праходзіла міма, і яны пайшлі на Слабодку. Пасьля скіраваліся ўздоўж чыгуначнай каляіны да Архіярэйскага лесу».

Вуліца Пуліхава (былая Архіярэйская слабодка) сёньня

назву ручая аўтар не падае

Усё вельмі лёгка ўявіць і нават прасачыць па мапе: вуліца Вясёлая акурат у час апісаных падзей атрымала назву Першамайскай, якую захоўвае і дагэтуль. Мост празь Сьвіслач, хоць ужо даўно іншы, але месца не зьмяніў. Слабодка (дакладней, Архіярэйская слабада) — вуліца Пуліхава і прылеглы да яе раён. А ўздоўж чыгуначных шляхоў месьціцца вуліца Смаленская, па якой, імаверна, і крочылі героі рамана. Паводле Пясецкага, яны так дайшлі да «ручая, які працякаў пад чыгуначнай наспай». Назву ручая аўтар не падае, яна для яго не была істотнай, але гэта — Сьляпянка, а цяпер — Сьляпянская водная сыстэма. За 94 гады навакольныя мясьціны зьмяніліся да непазнавальнасьці, але і рэчышча, і наспа засталіся на сваіх месцах. Прычым акурат тут Сьляпянка захавала свой амаль пачатковы выгляд: рэчышча тут выглядае вельмі натуральна, толькі ўжо каля самай наспы яно апынулася нібы прыціснутае бэтоннымі ўмацаваньнямі заводу аўтаматычных ліній. І вось недзе тут маладыя, закаханыя і захопленыя жыцьцём героі Сяргея Пясецкага спыніліся на беразе.

«Лізка пачала здымаць туфлікі, але Раман узяў яе на рукі і ўвайшоў у ваду. Спыніўшыся пасярэдзіне ручая, ён зрабіў выгляд, што хоча яе кінуць.

— Ох, Ромка.

Упершыню яна назвала яго па імені. І так моцна прытулілася да яго ўсім целам. У Рамана пацямнела ўваччу. Як мага хутчэй ён вынес дзяўчыну на бераг.

— А мой туфель?

Туфель плыў у ручаі, зьнікаючы пад мостам. Давялося перабегчы чыгуначную наспу і лавіць яго на другім баку.

— Мокры, — засмуцілася Лізка.

— Высахне, — суцяшаў яе Раман».

Паблізу, ля скрыжаваньня Смаленскай і Чырвонаармейскай, захаваўся фрагмэнт старога прадмесьця Кашары

у 1923 годзе наспа была не такой высачэзнай

Такім чынам, Раман і Ліза пераадолелі чыгуначную наспу. Падобна, што тады, у 1923 годзе, наспа была не такой высачэзнай. Тры гады таму адзін мой знаёмы (ня ў сувязі зь Пясецкім, а проста так, дзеля сваёй асабістай цікаўнасьці) вырашыў дасьледаваць гэты маршрут на ровары. Дык вось, ровар на гэтую высокую і крутую наспу яму давялося зацягваць з дапамогаю спадручных сродкаў — здаецца, нейкіх рамянёў. «Мяркую, я першы, хто адолеў гэты маршрут з роварам», — напісаў ён потым у блогу. Героі ж Сяргея Пясецкага такіх нязручнасьцяў не адчувалі — альпінізмам ім тут займацца не давялося. Пагатоў, зямля была цёплая, а трава — як аксаміт.

«Яны пайшлі далей басанож, несучы абутак у руках. […]

Зь лесу павеяў лёгкі цёплы вецер — нібы ўздыхнуў нехта. Па-над дрэвамі павісла вялізнае ружовае кола сонца. Стала зырка-чырвоным і заліло пурпурам усё наўкола… Трохі чырвані, блакіту — нічога болей, а які цудоўны стаў краявід… Забудзесься, што жывеш!»

цяністае, глухаватае і крыху змрачнаватае месца

Сёньня ж крышку далей над рачулкаю высіцца яшчэ адна наспа — усярэдзіне яе схаваны перагонны тунэль паміж станцыямі мэтро «Пралетарская» і «Трактарны завод», які тут, у адрозьненьне ад іншых падобных месцаў, праклалі не пад рэчкай, а над ёю. Паміж наспамі ўтварылася штосьці кшталту вялікага яру з крутымі схіламі, па дне якога працякае маленькі адрэзак рэчкі. Такое цяністае, глухаватае і крыху змрачнаватае месца. Прызнаюся, я добра ведаю ўсе гэтыя яміны ды ўзгоркі, праходзіў тут даволі шмат разоў. І нават памятаю дамок чыгуначніка, які стаяў побач гадоў трыццаць таму. Нядзіва: там, за наспамі, стаіць мой родны Трактаразаводзкі пасёлак, у якім я жыву з нараджэньня і па якім час ад часу ваджу экскурсіі. Недзе ў найбліжэйшым квартале і мой дом. Але ў 1923 годзе нічога гэтага, натуральна, яшчэ не было. А быў лес — Архіярэйскі гай.

«Яны набліжаліся да лесу. Чорныя камлі дрэваў стаялі шчыльнай сьцяной, але калі Раман і Ліза набліжаліся да іх, разыходзіліся ў бакі, даючы прайсьці. […]

Яны йшлі далей, трымаючыся за рукі. Як дзеці. І пачуваліся дзецьмі ў гэтым цёмным лесе, сярод вялізных дрэваў, і таму туліліся адно да аднаго і дрыжэлі, баючыся глядзець адно аднаму ў вочы, баючыся размаўляць.

Дрэвы разышліся ў бакі, утвараючы кола. Раман і Ліза ўвайшлі ў яго. Бліснула вада. Маленькае, самотнае лясное азярцо — сумнае вока зямлі. Але ў глыбіні яго дзівосы: там дрыжаць і танчаць зоркі, падвешаныя на невідочных промнях. А месяц адчайна нырае ў глыбіні, раскідаючы зоркі ў бакі».

Чыгуначныя шляхі, уздоўж якіх ішлі Раман і Ліза

настрой быў сапсаваны п’янымі чырвонаармейцамі

Аднак настрой быў сапсаваны п’янымі чырвонаармейцамі, якія брыдка аблаялі Рамана і Лізу. Таму неўзабаве Раман вярнуўся сюды разам зь сябрам і калегам па выведцы Болекам Калядзінскім, каб правучыць хамаў у мундзірах.

«Раман часта ўспамінаў пазьней тое поўнае зорак возера і падзеі той ночы на яго беразе».

маляўнічае лясное азярцо – рамантычная выдумка Пясецкага?

Зразумела, што пры пашырэньні гораду лес павысякалі. Часткова — яшчэ ў канцы 1930-х гг., калі тут пачаў узводзіцца авіязавод № 453 і яго пасёлак, а потым, пасьля вайны, — падчас будаўніцтва Трактарнага. А што ж сталася з азярцом? Нават старажылы пра яго нічога сказаць ня могуць — памятаюць толькі пажарны вадаём на вуліцы Будзённага ды шырокае месца на рачулцы бліжэй да Магілёўскай шашы (цяперашняга Партызанскага праспэкту). Няўжо ж гэтае маляўнічае лясное азярцо — усяго толькі рамантычная выдумка Сяргея Пясецкага? Падобна, што ўсё ж такі не. У нарысе Аляксандра Міронава «Будаўнікі» знаходзім апісаньне месца, на якім 27 чэрвеня 1946 году разгарнулася будоўля пасёлка: «Яшчэ ўчора тут усё было ціха, пустынна, толькі шумелі залітыя чэрвеньскім сонцам сосны. Зямля пад імі, парослая зялёнай травой, была зрыта зьвілістымі, нікому больш не патрэбнымі акопамі, абваліўшыміся дзотамі. У баку, за невялікай сажалкай, стралою выцягнулася чыгунка, па якой час ад часу праносіліся цягнікі». І далей: «Тут жа, на беразе маленькай сажалкі, ля чыгуначнай лініі, вырашана было будаваць гарадок для будучых рабочых і інжынэраў трактарнага заводу. Першую групу будаўнікоў прывёў на бераг сажалкі малады інжынэр Аляксандар Якаўлевіч Тоўсьцік…»

Рэчка Сьляпянка выцякае з-пад чыгуначнай наспы. Недзе тут вылавілі Лізін туфлік

Гэта сёньня азярца-сажалкі няма, але ў 1920-х і нават у 1940-х яна была, прычым недзе паблізу ад чыгуначнай лініі. Проста, хутчэй за ўсё, пры будаўніцтве яе не пашкадавалі і засыпалі. Напрыклад, каб пракласьці там вуліцу Клумава.

адсылка да раману пісьменьніка-кантрабандыста

Вадзіць экскурсіі па маршруце Рамана і Лізы я не рызыкнуў бы: многім пераадоленьне наспы падалося б справай занадта ўжо экстрэмальнай. Дый праз рэйкі таксама не павёў бы — нават плякаты на прычыгуначных шчытах папярэджваюць пра небясьпеку. Затое цяпер мне ёсьць чым дапоўніць маю традыцыйную экскурсію пад назвай «Культурныя загадкі Трактарагораду». Пра што я звычайна распавядаў у ёй? Пра аповесьць Веры Лютавай «Зарава над лесам», паваенныя ўрбаністычныя вершы Андрэя Александровіча і Петруся Броўкі, нарысы пра рабочых і будаўнікоў (кшталту цытаванага тут твору А. Міронава), карціны Монаса Манасзона і Васіля Сумарава, пра пару захаваных скульптураў савецкай эпохі ды не адзін тузін зьнятых тут фільмаў. Цяпер жа, дзякуючы знаёмству з раманам Сяргея Пясецкага, бачу, што гісторыя майго раёну, адлюстраваная ў літаратуры і мастацтве, гэтым не абмяжоўваецца. Лаўлю сябе на думцы, што раней у маёй экскурсіі не хапала якойсьці «разынкі», чагосьці такога, што дадало б у яе нейкай пікантнай разнастайнасьці. І вось яна зьявілася. Адсылка да раману вядомага пісьменьніка-кантрабандыста. Месца рамантычных і небясьпечных сустрэч яго герояў. Напамін пра часы, калі ні заводу, ні пасёлку тут яшчэ не было. Можа, гэта і ёсьць галоўная «культурная загадка Трактарагораду»?