У Маскве 11 чалавек сталі ахвярамі ўрагану. Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведамляе «Інтэрфакс». У Сьледчым камітэце Расеі пацьвердзілі інфармацыю пра гібель шасьці гараджанаў.
У маскоўскай мэрыі заяўляюць, што ўсяго падчас непагадзі пацярпелі больш за 40 жыхароў сталіцы.
Агенцтва ТАСС паведаміла, што некалькі чалавек загінулі ў выніку падзеньня дрэваў, адзін мужчына загінуў, калі аўтобусны прыпынак парывам ветру кінула на мінакоў.
У расейскай сталіцы шмат будынкаў пашкоджаны, сярод іх – будынак галоўнага ўпраўленьня міністэрства ўнутраных спраў на Пятроўцы, 38.
З-за навальніцы з моцнымі ліўнямі і ветрам у Маскве ўскладніўся рух на дарогах. Паведамляецца таксама, што ўраганны вецер паваліў дрэвы і ў рэзыдэнцыі кіраўніка расейскага ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева.