Абама папярэдзіў пра небясьпеку нацыяналізму

Барак Абама, выступаючы ў Нямеччыне, засьцярог ад распаўсюду ксэнафобіі і нацыяналізму ў розных частках сьвету.

«У гэтым новым сьвеце, у якім мы жывем, мы ня можам самаізалявацца. Мы ня можам схавацца за сьцяной», — сказаў экс-прэзыдэнт ЗША ў Бэрліне падчас сьвяткаваньня 500-гадовага юбілею Рэфармацыі.

«У вачах Бога дзіця, якое знаходзіцца па іншы бок сьцяны, ня менш вартае любові і спагады, чым маё ўласнае дзіця. Мы ня можам праводзіць адрозьненьняў паміж імі, з пункту гледжаньня іх каштоўнасьці і прыроджанай годнасьці», — сказаў Абама пад аплядысмэнты тысяч сабраных.

Некаторыя апазыцыйныя палітыкі Нямеччыны асудзілі бэрлінскі выступ Абамы, як палітычную акцыю напярэдадні верасьнёўскіх агульнанацыянальных выбараў, падчас якіх Мэркэль спадзяецца быць пераабранай на чацьвёрты тэрмін.