У Манчэстэры эвакуююць каледж, туды прыбыла каманда для разьмінаваньня

У Манчэстэры эвакуююць каледж у раёне гораду Трафард. Туды прыбыла паліцыя і экспэрты арміі Вялікабрытаніі ў справе разьмінаваньня. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Паліцыя пацьвярджае, што «адбыўся інцыдэнт на Лінбі стрыт». Там знаходзіцца каледж для дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі. Падрабязнасьці здарэньня пакуль невядомыя.

Раён вакол месца здарэньня перакрыты.

У панядзелак у Манчэстэры адбыўся тэракт. Сьмяротнік падарваў бомбу падчас канцэрту амэрыканскай сьпявачкі Арыяны Грандэ. Загінулі 22 чалавекі. Адказнасьць за напад ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава».