Адзіная перавага лішняй вагі праяўляецца летам

Залішняя маса цела — гэта, бясспрэчна, дрэнна, бо пры такім стане здароўя зьніжаецца працягласьць жыцьця, фармуюцца так званыя мэтабалічныя хваробы.

Але ня толькі. Зьяўляюцца праблемы са здароўем чыста фізычнага пляну, калі арганізм не вытрымлівае залішняй вагі, а таксама разьвіваюцца псыхалягічныя асаблівасьці асобы.

Наконт працягласьці жыцьця навукоўцам вядома, што калі чалавек мае моцнае атлусьценьне на ўзроўні індэксу масы цела больш чым 45,0 ва ўзросьце 20-30 гадоў, то працягласьць жыцьця мужчын і жанчын зьніжаецца на 13 і 8 гадоў адпаведна ў параўнаньні зь людзьмі, якія маюць індэкс масы цела 24,0. Нармальная вага мае месца пры індэксе масы цела 18,5-24,9; павялічаная вага — 25,0-29,9; атлусьценьне пры індэксе масы цела болей чым 30. Пры гэтым індэкс масы цела разьлічваецца так: маса цела ў кіляграмах дзеліцца на рост у мэтрах у квадраце.

Да мэтабалічных хваробаў, які суправаджаюць атлусьценьне і павялічаную вагу, адносяцца цукровы дыябэт, парушэньні абмену халестэрыну і атэрасклероз, на фоне чаго разьвіваюцца павышаны артэрыяльны ціск, павышаецца рызыка раку тоўстай кішкі і малочнай залозы, фарміруюцца застойныя зьявы ў жоўцевым пухіры, можа разьвіцца мужчынская і жаночая няплоднасьць. Прычым усе пералічаныя паталягічныя працэсы запускаюцца нават пры невялікім павышэньні масы цела, калі велічыня індэксу масы цела перавышае 25,0.

Фізычныя наступствы атлусьценьня — гэта і остэаартроз, і болі ў ніжняй частцы сьпіны, павышэньне рызыкі прастудных захворваньняў, храп у начны час.
І, нарэшце, павышаная вага цела азначае фармаваньне псыхалягічнага дыскамфорту, фарміруецца дэпрэсія, сацыяльная ізаляцыя, чалавек зь лішняй вагой мае нізкі ўзровень самаацэнкі.

Такім чынам, мець залішнюю вагу — гэта дрэнна па шэрагу вышэйпералічаных важкіх прычын. Аднак у людзей з залішняй вагой цела ёсьць адна перавага перад худымі. Яна праяўляецца ў сьпякотны летні час, які хутка надыдзе — поўныя людзі лепш пераносяць сьпёку.

У практыцы часта даводзіцца назіраць, што ў сьпякотнае, вільготнае надвор’е, асабліва напярэдадні навальніцы, да лекараў зьвяртаюцца хударлявыя, высокія людзі, са скаргамі, што іх «нехта сурочыў», бо яны адчуваюць агульную млявасьць, дваеньне ў вачах, боль у раёне сэрца. Насамрэч гэта асаблівасьць рэакцыі вэгетатыўнай нэрвовай сыстэмы на сьпёку, на надвор’е, якая ў людзей з залішняй вагой забясьпечвае большую ступень адаптацыі да ня вельмі спрыяльных умоў надвор’я, а вось у хударлявых людзей назіраецца актывізацыя гэтак званых вагаінсулярных рэакцый, што вядзе да зьніжэньня артэрыяльнага ціску, паніжэньня ўзроўню глюкозы ў крыві, што і абумоўлівае дрэннае самаадчуваньне.

У такіх выпадках, якія маюць выразную сувязь са сьпякотным надвор’ем, у якасьці самадапамогі трэба выпіць моцнай, салодкай гарбаты, каб павысіць узровень цукру ў крыві. Для прафіляктыкі такіх станаў мы раім прымаць адаптагены — экстракты жэньшэню, элеўтэракоку, араліі маньчжурскай і іншых у першую палову дня, бо яны могуць сапсаваць сон за кошт узбуджэньня нэрвовай сыстэмы. Пры паўторах такіх станаў здароўя трэба абавязкова зьвярнуцца да лекара для ўдакладненьня прычын дрэннага самаадчуваньня.
Ну а нашым чытачам з залішняй вагой цела мы раім прыкласьці намаганьні да пахудзеньня, нават нягледзячы на апісаныя вышэй летнія перавагі перад худымі.