Як паведамляе «Голас Амэрыкі», большасьць з 11 тысяч жыхароў невялікага гарадка, якія заўсёды рады турыстам, былі б ня супраць, каб лідэры «Вялікай сямёркі» адмовіліся ад ідэі сабрацца менавіта тут.
Гараджане ўстрывожыліся яшчэ год таму, калі тагачасны прэм’ер-міністар Італіі Матэа Рэнцы выбраў Таарміну ў якасьці месца 43-й штогадовай сустрэчы лідэраў перадавых эканомік сьвету. Перадусім тутэйшых напружваюць анансаваныя пратэсты антыглябалістаў.
Галоўны клопат — бясьпека
Трывогі перарасьлі ў абурэньні, калі гараджане сутыкнуліся з абмежаваньнямі доступу ў некаторыя раёны і нэгатыўным уплывам саміту на іхны бізнэс у самым пачатку сэзону адпачынкаў.
У Таарміне ўжо зьявіліся першыя салдаты — кантынгент колькасьцю 3 тысячы вайскоўцаў будзе дапамагаць 5 тысячам карабіньераў і мясцовым паліцыянтам у абароне ўдзельнікаў саміту ад дэманстрантаў і забесьпячэньні антытэрарыстычных захадаў.
Італьянскі ўрад трывожыцца ня толькі з прычыны пратэстаў антыглябалістаў, але і наконт магчымых вылазак тэрарыстаў, якія знаходзяцца пад уплывам джыхадысцкіх ідэяў. Выказвалася заклапочанасьць з нагоды магчымага пранікненьня джыхадыстаў пад выглядам мігрантаў, якія могуць згубіцца сярод тысяч жыхароў Афрыкі, што трапілі морам зь Лібіі.
Улады спадзяюцца, што прысутнасьць сілавікоў дазволіць пазьбегнуць паўтарэньня ў Таарміне таго, што ў 2001 годзе адбылося ў Генуі — тады пратэсты антыглябалістаў былі аднымі з самых агрэсіўных у гісторыі самітаў.
Вуліцы для Трампа пашыраць адмовіліся
Найбольшым галаўным болем для італьянцаў сталі патрабаваньні ЗША да бясьпекі Дональда Трампа. Вузенькія вулачкі Таарміны не прыстасаваныя для хуткай эвакуацыі, у сувязі з гэтым амэрыканцы адхілілі ідэю шпацыру Трампа па горадзе. Італьянцы, са свайго боку, адхілілі патрабаваньне ЗША пашырыць старажытныя вуліцы для праезду картэжу.
Зь меркаваньняў бясьпекі Трамп ня будзе начаваць у ніводным з двух галоўных гатэляў для ўдзельнікаў саміту. Яго будуць прывозіць на амэрыканскую авіябазу на поўдзень ад Катаньні і ўжо адтуль дастаўляць на пасяджэньні гелікоптэрам.