На Віцебшчыне прадаюць сядзібу XIX стагодзьдзя за 23 рублі

фота Дзіна Маковіч / radzima.org

На аўкцыён з пачатковым коштам у 23 рублі выстаўлена сядзіба XIX стагодзьдзя ў вёсцы Арэхаўна Вушацкага раёну. Пра гэта паведамляе сайт vitebsk.cc.

Спачатку адміністрацыя раёну плянавала рэстаўраваць будынак сядзібы, пабудаваны ў 1840 годзе і зрабіць у ім музэй традыцыйных промыслаў і гасьцінны двор. Пазьней сядзібу выставілі на аўкцыён з коштам у 41 000 эўра. Цяпер яе прадаюць з пачатковым коштам у памеры адной базавай велічыні — за 23 рублі. Пакупніку давядзецца яшчэ выплаціць 634 рублёў 25 капеек аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Вушацкага райвыканкаму за падрыхтоўку аб’екту да продажу.

Таксама ўласьнік будзе абавязаны не пазьней чым за два гады адрэстаўраваць будынак.