Першае замежнае турнэ Трампа пачынаецца з Савудаўскай Арабіі. Адтуль ён паляціць у Ізраіль і Ватыкан

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп накіроўваецца сёньня ў Савудаўскую Арабію. Затым наведае Ізраіль, Ватыкан, Бэльгію, а затым Італію. Гэта — яго першае замежнае турнэ ў якасьці кіраўніка дзяржавы.

Чакаецца, што ў Рыядзе Трамп паспрабуе палепшыць двухбаковыя адносіны, якія сталі больш напружанымі ў пэрыяд прэзыдэнцтва Барака Абамы. Аглядальнікі пішуць, у прыватнасьці, што прэзыдэнт панізіць прыярытэтнасць пытаньняў правоў чалавека, зрабіўшы большы ўхіл на барацьбе з тэрарызмам і супрацьдзеяньні экспансіянісцкім памкненьням Ірану.

З Ватыкану, дзе Трампа прыме Папа Рымскі Францішак, прэзыдэнт вылеціць у Брусэль на неафіцыйную сустрэчу з кіраўнікамі краін НАТА, а затым вернецца ў Італію, дзе прыме ўдзел у саміце «вялікай сямёркі» на Сыцыліі.