Парашэнка: я ведаў ды любіў Шарамета і не задаволены вынікамі расьсьледаваньня забойства

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што заўтра, 15 траўня, у справе пра забойства журналіста Паўла Шарамета дапытаюць былога супрацоўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Ігара Ўсьціменку, на магчымую датычнасьць якога ўказвае незалежнае расьсьледаваньне, зробленае журналістамі праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP.

У панядзелак спадар Усьціменка выкліканы на допыт і будзе дапытаны.

«Расьсьледаваньне, якое вядзе Нацыянальная паліцыя і Служба бясьпекі Ўкраіны, будзе максымальна адкрытым для правядзеньня любых сьледчых дзеяньняў. Мяне праінфармавалі, што ў панядзелак спадар Усьціменка выкліканы на допыт і будзе дапытаны. Тое, што можна будзе ведаць сродкам масавай інфармацыі, я ўпэўнены, што вы павінны ведаць», — паведаміў Пятро Парашэннка сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Такім чынам, прэзыдэнт Украіны адрэагаваў на тое, што некаторыя журналісты прыйшлі на прэсавую канфэрэнцыю у футболках з надпісам «Хто забіў Паўла?».

«Я ведаў і любіў Паўла. Можна сказаць, што мы зь ім сябравалі. Для мяне, як і для большасьці з вас, была шокам тая тэрарыстычная атака, цынічнае забойства, што адбылося», — сказаў ён.

Я не задаволены, што да гэтага часу ў нас няма забойцы і ён не прыцягнуты да адказнасьці.

Пятро Парашэнка сказаў, што некалькі тыдняў таму сустракаўся з маці і дачкой Паўла Шарамета і распавядаў ім пра хаду расьсьледаваньня
Украінскі прэзыдэнт нагадаў, што адразу пасьля забойства зьвярнуўся па дапамогу да замежных спэцыялістаў. «На жаль, я чакаў большага і лепшага выніку і не задаволены, што да гэтага часу ў нас няма забойцы і ён не прыцягнуты да адказнасьці», — падкрэсьліў ён.

«Я хацеў бы падзякаваць журналістам, якія правялі сваё расьсьледаваньне. Адразу пасьля гэтага патэлефанаваў кіраўніку Нацыянальнай паліцыі і папрасіў, каб ён сустрэўся з журналістамі. Наколькі мне вядома, сустрэча адбылася. Старшыня СБУ далажыў мне, што спадар Усьціменка, які быў згаданы, звольніўся з СБУ ў красавіку 2014 году разам з 2 тысячамі іншых супрацоўнікаў Службы бясьпекі пасьля Рэвалюцыі годнасьці», — сказаў украінскі прэзыдэнт.

Лічыце, што на сёньняшні дзень я разам з вамі ў гэтай самай футболцы.

«Мы павінны аб’яднаць намаганьні, каб расьсьледаваньне было максымальна празрыстае і максымальна эфэктыўнае. Лічыце, што на сёньняшні дзень я разам з вамі ў гэтай самай футболцы», — дадаў Пятро Парашэнка.

Журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP 10 траўня прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм пра забойства журналіста Паўла Шарамета. Аўтары фільма-расьсьледаваньня «Забойства Паўла» заяўляюць, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не зьвярнула ўвагі.

Лічыце, што на сёньняшні дзень я разам з вамі ў гэтай самай футболцы.

«Ці была гэта некампэтэнтнасьць, непрафэсіяналізм, або сьледчыя Нацыянальнай паліцыі, СБУ і Генпракуратуры банальна перагружаныя працай, справай Шарамета яны займаюцца „пастолькі-паколькі“, ці, магчыма, за гэтым стаіць пэўная палітычная воля, якая блякуе ход справы ў пэўным кірунку, — мы яшчэ ня ведаем», — заявіў Дзьмітро Гнап, адзін з аўтараў фільма.

Журналісты кажуць, што высьветлілі асобаў, якія ў ноч перад забойствам знаходзіліся каля дома, дзе пражываў Павал Шарамет. Паводле вэрсіі аўтараў фільма, гэтыя асобы могуць быць як сьведкамі, так і саўдзельнікамі падзеяў той ночы, аднак праваахоўнікі іх не дапытвалі.

У фільме называюцца імёны высьветленых асобаў, у прыватнасьці Ігара Усьціменкі. Са спасылкай на ўласныя крыніцы журналісты паказваюць на магчымае яго дачыненьне да Службы бясьпекі Ўкраіны.

Магчыма, гэта неяк зьвязана з ФСБ.

«Як мы даведаліся, ён быў супрацоўнікам СБУ паводле стану на 2014 год. Як мы ведаем, у нас тады зьмянілася ўлада. Магчыма, гэта неяк зьвязана з ФСБ (Расеі — рэд.). Мы не змаглі далей дакапацца», — адзначыла Алена Логінава, суаўтарка фільма.

«Ён служыў у Крыме», — дадаў Дзьмітро Гнап.

Пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніцаў пакуль няма.

Журналісты адзначаюць, што да выхаду фільма не раскрывалі выяўленых фактаў перад афіцыйным сьледзтвам, аднак зьвярталіся ў СБУ, Генпракуратуру і МУС з просьбай адказаць на пытаньні па справе Шарамета. Некаторыя звароты, па словах аўтараў фільма, засталіся без адказу, некаторыя — атрымалі адмову.

Аўтарамі фільма «Забойства Паўла» зьяўляюцца Ганна Бабінец, Алена Логінава, Дзьмітро Гнап, Улад Лаўроў. Рэжысэрам зьяўляецца амэрыканец Мэт Сарнэцкі.

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго сьмерць як наўмыснае забойства, зладжанае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей. Да расьсьледаваньня забойства па просьбе ўкраінскай улады далучылася Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША.