Злучаныя Штаты плянуюць распаўсюдзіць забарону на правоз электроннай тэхнікі ў салёне самалёту на некаторыя краіны Эўропы, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на чыноўнікаў Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША.
Пашырэньне забароны можа закрануць трох найбуйнейшых авіяперавозчыкаў ў краіне:
- United Airlines
- Delta Air Lines
- American Airlines Group
Пад забарону трапіць любая электронная тэхніка, акрамя мабільных тэлефонаў і неабходных мэдычных прыбораў.
Прадстаўнік Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША Дэйв Лапан паведаміў, што сакратар ўнутранай бясьпекі Джон Келі «яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня, але [Міністэрства] працягвае ацэньваць магчымыя пагрозы і абмяркоўваць іх з прадстаўнікамі авіякампаній і іншымі зацікаўленымі асобамі».
Амэрыканскія чыноўнікі таксама рыхтуюць плян, каб ў выпадку забароны гарантаваць належную бясьпеку для перавозкі ў багажы вялікай колькасьці прылад з літыевымі батарэямі, каб яны не маглі падарвацца падчас палёту.
Раней эўрапейскія рэгулятары бясьпекі папярэдзілі, што сотні электронных прылад у багажным аддзяленьні на далёкіх пералётах могуць павялічыць рызыку узгараньня літый-іённых акумулятараў.
Сёлета ў сакавіку ў сувязі «з працягам тэрарыстычных пагроз» ЗША ўвялі забарону на правоз электронных прылад — ад электронных кніг да кампутараў і відэакамэр — у ручной паклажы на рэйсах з краін Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. Буйныя перавозчыкі з гэтага рэгіёну, у тым ліку Emirates паведамілі пра падзеньне попыту на перавозкі з-за абмежаваньняў і адмянілі частку рэйсаў у ЗША.
У Міністэрстве ўнутранай бясьпекі ЗША паведамілі, што меры прыняты ў адказ на інфармацыю пра спробы экстрэмістаў пранесьці на борт выбуховыя прылады, замаскіраваныя пад ноўтбукі, пляншэты, камэры, DVD-плэеры і электронныя гульнявыя прылады.
Вялікабрытанія ўвяла падобныя абмежаваньні сьледам за ЗША.