Парашэнка зьвярнуўся да ўкраінцаў у сувязі зь бязьвізавым рэжымам у Эўразьвяз

Пятро Парашэнка (архіўнае фота)

«Толькі што Рада міністраў Эўразьвязу ўхваліла канчатковае рашэньне аб прадастаўленьні грамадзянам Украіны правы на бязьвізавыя падарожжы», — сказаў украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка ў відэазвароце, які ўжывую трансьляваўся на ягонай афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку.

«17 траўня ў Страсбуры — як мы дамовіліся з нашымі эўрапейскімі сябрамі, — урачыста падпішуць адпаведны заканадаўчы акт. Гэта, напэўна, будзе адзін з найважнейшых маіх візытаў за тры гады на пасадзе Прэзыдэнта.

Я бясконца ўдзячны ўсім, дзякуючы каму змог выканаць адно з сваіх галоўных перадвыбарчых абяцаньняў.

Вітаю вас, дарагія суайчыньнікі, з гэтым гістарычным рашэньнем. Гэта — як быццам вяртаньне дадому пасьля доўгага і зьнясільваючага падарожжа... Вяртаньне да нашага агульнага эўрапейскага дому. Мы парываем з постсавецкім мінулым і ўсё больш становімся часткай адзінай эўрапейскай цывілізацыйнай прасторы.

Шануеце сваё ўкраінскі пашпарт. І любіце Украіну!»

У пачатку красавіка Эўрапейскі парлямэнт падтрымаў адмену візавага рэжыму краінаў Эўразьвязу з Украінай. Усе ўкраінскія грамадзяне, якія валодаюць біямэтрычнымі пашпартамі, змогуць праводзіць на тэрыторыі краінаў Эўразьвязу па 90 дзён кожныя паўгоду.

28 сакавіка пачаў дзейнічаць аналягічны парадак для грамадзян Грузіі.