На выбарах кіраўніка палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС перамог Ісмаіл Ханія. Ён зьмяніў Халеда Машааля, які займаў кіруючую пасаду максымальна дапушчальныя два тэрміны. Раней Ханія ўзначальваў аддзяленьне ХАМАС у сэктары Газа.
Ісмаіл Ханія нарадзіўся ў сэктары Газе ў лягеры палестынскіх бежанцаў. З 2006 па 2007 год ён займаў пасаду прэмʼер-міністра Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі. Ханія пастаянна жыве ў Палестынскай аўтаноміі, у адрозьненьне ад яго папярэдніка Машааля, які знаходзіцца ў выгнаньні ў Катары.
За некалькі дзён да абраньня новага кіраўніка групоўка ХАМАС перагледзела сваю хартыю. У дакумэнце адзначаецца, што ХАМАС прызнае палестынскія землі ў межах, вызначаных у 1967 годзе ў выніку Шасьцідзённай вайны. Сваім галоўным «ворагам» ХАМАС называе «сіянісцкі праект акупацыі».