Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сустрэнецца ў аўторак у Сочы з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель, каб абмеркаваць барацьбу з тэрарызмам, сытуацыю на Блізкім Усходзе і рэалізацыю мінскіх дамоўленасьцяў. Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля.
Фармальнай падставай для прыезду кіраўніцы нямецкага ўраду ў Расею пасьля двухгадовага перапынку зьяўляецца падрыхтоўка да саміту «вялікай дваццаткі», які пройдзе ў Гамбургу ў ліпені гэтага году.
Афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфэн Зайбэрт паведаміў, што Мэркель зьбіраецца абмеркаваць з Пуціным сытуацыю на Ўкраіне, канфлікт у Сырыі і палітычнае становішча ў Лібіі. Паводле яго, лідэры дзьвюх краінаў правядуць два раўнды перамоваў, перадае ТАСС.
Праваабаронцы і грамадзянскія актывісты заклікалі Ангелу Меркель абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным праблему перасьледу геяў у Чачні.
У Нямеччыне не чакаюць істотных вынікаў ад маючых адбыцца перамоваў канцлера і прэзыдэнта Расеі і называюць візыт «дзяжурным», паведамляе «Нямецкая хваля». Пазыцыя Бэрліну ў дачыненьні да Расеі застаецца нязьменнай. Стасункі дзьвюх краінаў сур’ёзна абвастрыліся з тых часоў, як Расея анэксавала Крым і падтрымала сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.