На Эвэрэсьце загінуў альпініст Улі Штэк па мянушцы «швайцарская машына»

Каля Эвэрэсту (архіўнае фота)

Швайцарскі альпініст Улі Штэк загінуў падчас акліматызацыі на Эвэрэсце. Яго цела знайшлі і даставілі на верталёце ў сталіцу Нэпалу, горад Катманду. Ён зьбіраўся падняцца на вяршыню гары сам бяз кіслароднага балёна. У Фэдэрацыі альпінізму Нэпалу паведамілі, што Штэк, верагодна, пасьлізнуўся.

У сераду альпініст напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што за дзень падняўся на вышыню 7 тысяч мэтраў ад базавага лягеру і вярнуўся назад, бо лічыў, што «актыўная акліматызацыя» — найлепшы спосаб прывыканьня да вялікай вышыні.

У 2012 годзе Штэк ўжо падымаўся на Эвэрэст без кіслароднага балёна, а ў 2015 годзе ён за два месяцы здолеў скарыць 80 вяршынь вышынёй больш за 4 тысячы мэтраў, паведамляе Бі-бі-сі.

Улі Штэк усталяваў некалькі рэкордаў па звышхуткім узыходжаньні ў адзіночку па клясычных маршрутах. Ён спрыяў папулярызацыі альпінізму дзякуючы прыгодніцкім фільмам, зьнятым па матывах яго ўзыходжаньняў. Штэка празвалі «швайцарскай машынай» за яго мэтадычны падыход да трэніровак і фэнамэнальную цягавітасьць.