На пажары ў Крычаве загінулі шэсьць чалавек

Уначы ў Крычаве згарэў прыватны дом. Пад абломкамі ратавальнікі знайшлі целы шасьці чалавек.

Паводле інфармацыі прэс-службы МНС, пра пажар паведаміў сусед а 0.58. Калі на месца прыехалі пажарныя, дом гарэў адкрытым полымем. Як стала вядома, у доме пражывалі чатыры чалавекі: адна жанчына-пэнсіянэрка, два яе сыны і сужыцелька аднаго з сыноў. Аднак пад абломкамі дому ратавальнікі знайшлі целы шасьці чалавек.

Прычына пажару пакуль удакладняецца. Паводле адной з вэрсіяў — гэта неасьцярожнае абыходжаньне з агнём падчас паленьня ў нецьвярозым стане. Сьледчы камітэт праводзіць праверку па гэтым здарэньні. Таксама на месцы пажару працуюць спэцыялісты Дзяржаўнага камітэту дасудовых экспэртызаў.