FT: Расейская мова страціла пазыцыі ў былым СССР, акрамя Беларусі

Сатырычны малюнак з нагоды гадавіны рэфэрэндуму 1995 году аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і дзяржаўным статусе расейскай мовы.

За апошнія 20 гадоў расейская мова страціла пазыцыі ў большасьці краінаў былога СССР, піша брытанскае выданьне Financial Times, спасылаючыся на інфармацыю зь перапісаў насельніцтва і дасьледаваньняў ААН, скамбінаваную дасьледчай групай Euromonitor International.

Паводле гэтай інфармацыі, найбольшае падзеньне адбылося ў Казахстане — у 2016 годзе 20.7 працэнта насельніцтва ў гэтай краіне сказалі, што звычайна размаўляюць дома па-расейску, а ў 1994 годзе гэтая лічба была 33.7 працэнта.

У Эстоніі і Латвіі за гэты ж час адбылося падзеньне прыкладна на 10 працэнтных пунктаў. Таксама падзеньне адбылося і ў іншых чатырох краінах, ахопленых дасьледаваньнем — Грузіі, Літве, Туркмэністане і Ўкраіне. І толькі ў Беларусі за гэты час пазыцыі расейскай мовы, паводле дасьледчыкаў, значна ўзмацніліся — ў 1994 годзе 49.6 працэнта назвалі расейскую сваёй асноўнай мовай, а ў 2016 годзе гэтая лічба вырасла да 71 працэнта.

Ня трапілі ў дасьледаваньне Азэрбайджан, Армэнія, Кіргізстан, Малдова, Таджыкістан, Узбэкістан і сама Расея.

Працэнт насельніцтва, які назваў сваёй асноўнай мовай расейскую (Інфармацыя зь перапісаў насельніцтва і дасьледаваньняў ААН, скамбінаваная дасьледчай групай Euromonitor International)
Краіна1994 год2016 год
Беларусь49.671
Латвія40.529.8
Украіна33.924.4
Эстонія33.323.4
Казахстан33.720.7
Літва10.47.2
Туркмэністан10.85.4
Грузія6.41.1