Дональд Трамп таксама заявіў, што не гаварыў яшчэ зь дзяржаўным сакратаром Рэксам Тылерсанам пра ягоныя сустрэчы ў Маскве, але з таго, што ён чуў, можна меркаваць, што сустрэча, магчыма, была больш пасьпяховай, чым чакалася. Трамп назваў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада «мясьніком», які забівае ўласны народ.
На сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам Трамп падзякаваў сябрам NATO за падтрымку ягонага рашэньня ў мінулы чацьвер аб запуску 59 крылатых ракет па аэрадроме ў Сырыі ў якасьці помсты за ўжываньне хімічнай зброі супраць цывільных асобаў і заявіў, што настаў час пакласьці канец грамадзянскай вайне ў Сырыі.
«Я казаў, што яно састарэла, але яно больш не зьяўляецца састарэлым», — сказаў Трамп, дадаўшы, што Паўночнаатлянтычны альянс адаптаваўся да больш шырокай місіі супраць ісламскіх баевікоў, да якой ён заклікаў.
Разам з тым Трамп ухіліўся ад прамой крытыкі прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і заявіў, што імкнецца да добрых стасункаў з Расеяй. «Цяпер мы зусім ня можам даць рады Расеі», — заявіў Трамп. Паводле ягонай ацэнкі, у сьвеце цяпер дзеецца мноства дрэнных рэчаў, і калі ён завершыць свой прэзыдэнцкі тэрмін, «сьвет стане лепшым месцам».
Столтэнбэрг сказаў, што ў яго была выдатная і плённая сустрэча ў Авальным кабінэце з Трампам.