Прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсэр публічна папрасіў прабачэньня за параўнаньне хімічнай атакі ў Сырыі зь дзеяньнямі лідэра нацысцкай Нямеччыны Адольфа Гітлера, паведамляе CNN.
Паводле словаў Спайсэра, зь яго боку было недарэчным ставіць у адзін шэраг выкарыстаньне баявых атрутных рэчываў у Ідлібе з Галакостам.
11 красавіка, выступаючы на брыфінгу перад журналістамі, прэс-сакратар Белага дому сарамаціў Расею за супрацоўніцтва з рэжымам Башара Асада і абвінаваціў Дамаск ў хімічнай атацы ў Ідлібе. Спайсэр заявіў, што нават Гітлер не апусьціўся да ўжываньня хімічнай зброі. Пры гэтым ён адзначыў, што не спрабуе прынізіць жахі Галакосту.
Журналісты і некаторыя палітыкі раскрытыкавалі выказваньні Спайсэра. Яны нагадалі прэс-сакратару пра тое, што гітлераўская Нямеччына выкарыстала газавыя камэры для зьнішчэньня мільёнаў габрэяў.