Польскі дэпутат пераканаў адукацыйнае ведамства аднавіць «Праграму Каліноўскага»

Польшча можа аднавіць стыпэндыяльную праграму імя Каліноўскага на фоне ўзмацненьня рэпрэсіяў супраць беларускіх грамадзкіх актывістаў. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў польскі дэпутат Робэрт Тышкевіч.

Ён удакладняе, што ўжо зьвярнуўся з адпаведнай прапановай у Міністэрства адукацыі Польшчы. Ведамства, зь яго словаў, пагадзілася аднавіць праграму. Пры гэтым дэпутат перакананы, што прыйшоў час польскім уладам зрабіць яшчэ адзін крок — забясьпечыць фінансаваньне тэлеканалу «Белсат».

Стыпэндыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага ўзьнікла адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і міліцэйскага гвалту над удзельнікамі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Пратэстоўцаў пачалі масава звальняць з працы і адлічваць з навучальных установаў.

Тагачасны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да польскага ўраду з просьбай падтрымаць рэпрэсаваных студэнтаў. У максымальна сьціслыя тэрміны была распрацаваная і ўхваленая праграма дапамогі пацярпелым беларусам. Па выніках сёлетніх пратэстных акцыяў ужо таксама зафіксаваныя выпадкі адлічэньня студэнтаў з ВНУ за палітычную і грамадзкую актыўнасьць.