Эўрапарлямэнт разгледзіць рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі

Будынак Эўрапарлямэнту ў Страсбуры, ілюстрацыйнае фота

У Эўрапарлямэнце 6 красавіка адбудзецца галасаваньне паводле рэзалюцыі аб палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

У праекце дакумэнту асуджаецца разгон мітынгоўцаў 25 сакавіка і рэпрэсіі напярэдадні дэманстрацыяў, паведамляе Інтэрфакс.

Таксама ў праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту падкрэсьліваецца, што, «нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасьці да стрыманасьці рэакцыя службаў бясьпекі была невыбіральнай і празьмернай».

Парлямэнтары асуджаюць «неабгрунтаваныя абмежаваньні свабоды мірных сходаў, свабоды выказваньня думак і свабоды асацыяцыі ў Беларусі».

Эўрапарлямэнт заклікае беларускія ўлады «неадкладна правесьці дбайнае і бесстароньняе расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў пра адвольныя затрыманьні і іншыя парушэньні правоў пратэстоўцаў у сувязі зь нядаўнімі дэманстрацыямі».

Ён папярэджвае, што «ў выпадку неправядзеньня такіх расьсьледаваньняў Эўразьвяз прымяніць новыя абмежавальныя захады ў дачыненьні да высокапастаўленых службовых асобаў Беларусі, адказных за нядаўнія рэпрэсіі».

Эўрапарлямэнтар ад Літвы Пятрас Аўштравічус ініцыяваў заяву 74-х эўрадэпутатаў, якія заклікалі перагледзець палітыку Эўразьвязу адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.