Агент расейскай выведкі дэпартаваны са Злучаных Штатаў

Яўген Буракоў пасьля арышту 26 студзеня 2015 году (малюнак судовага мастака)

ЗША дэпартавалі ў сераду асуджанага за шпіянаж супрацоўніка Службы замежнай выведкі Расеі (СВР) Яўгена Буракова, які правёў больш за два гады ў амэрыканскай турме.

42-гадовы Яўген Буракоў трохі прапрацаваў у ЗША на заданьне СВР у якасьці супрацоўніка нью-ёркскага прадстаўніцтва «Внешэкономбанка», займаючыся эканамічным шпіянажам. Разам зь ім у справе праходзілі супрацоўнікі СВР Ігар Спарыш і Віктар Паддубны, якія працавалі ў расейскім гандлёвым прадстаўніцтве і расейскай місіі пры ААН. Аднак яны змаглі пакінуць ЗША да выстаўленьня ім абвінавачваньняў. Падчас суду ў траўні 2016 году Буракоў прызнаў, што ён дзейнічаў у якасьці незарэгістраванага ў ЗША агента Расеі, якога цікавіла інфармацыя пра амэрыканскія санкцыі супраць расейскіх фірмаў і грамадзян і зьвесткі пра энэргетычную індустрыю.

На днях у амэрыканскай прэсе зьявілася інфармацыя пра тое, што хаўрусьнік Буракова Віктар Паддубны ў 2015 годзе ўступаў у кантакт з Картэрам Пэйджам, які годам пазьней стаў дарадцам кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Дональда Трампа. Пэйдж прызнаўся, што перадаў Буракову аналітычную справаздачу пра амэрыканскую энэргетычную галіну, заснаваную на агульнадаступнай інфармацыі.

Буракоў, вызвалены датэрмінова, з улікам часу, праведзенага ў папярэднім зьняволеньні, быў праведзены на борт самалёта «Аэрафлота» і перададзены прадстаўнікам Расеі.