Падчас творчай вечарыны ў Варонежы расейскі тэлевядоўца Ўладзімір Познэр прызнаўся ва ўжываньні і спробе вырасьціць марыхуану ў сябе на дачы ў Падмаскоўі, а таксама заклікаў легалізаваць наркотыкі.
Відэа зь вечарыны Познэра выклала на партал Youtube выданьне «Блокнот».
Паводле Познэра, пакуль продаж наркотыкаў прыносіць калясальныя прыбыткі, людзі будуць рызыкаваць жыцьцём і ўвязвацца ў нелегальны бізнэс. «Але калі наркотык становіцца легальным, крымінал канчаецца. Гэта ня значыць, што ня будзе наркаманаў. Яны будуць, але ня будуць спрабаваць прадаць вашым дзецям наркотыкі, таму што ня будзе зацікаўленасьці», — сказаў Познэр.