Некаторыя сэнатары падкрэсьлілі, што яны разглядаюць гэтае рашэньне як спробу падтрымкі Злучанымі Штатамі і заходняй супольнасьцю краіны, якая стала аб’ектам замахаў з боку Крамля.
«Калі мы адмовім Чарнагорыі ў прыёме, яна ня будзе ў будучыні дэмакратыяй, якой яна зьяўляецца сёньня», — заявіў падчас галасаваньня сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн.
Адміністрацыя Дональда Трампа таксама рашуча выказалася за далучэньне Чарнагорыі да NATO. У лісьце Кангрэсу дзяржсакратар Рэкс Тылерсан адзначыў, што ратыфікацыя сяброўства Чарнагорыі ў NATO — у інтарэсах Злучаных Штатаў.
«Праз тое, што Чарнагорыя мяжуе зь пяцьцю іншымі балканскімі краінамі, у тым ліку чальцамі NATO Харватыяй і Альбаніяй, яе сяброўства паслужыць пашырэньню інтэграцыі, дэмакратычных рэформаў, гандлю, бясьпекі і стабільнасьці ва ўсіх гэтых краінах», — гаворыцца ў лісьце дзяржсакратара.
Сэнатар Рэнд Пол, які заблякаваў папярэднюю спробу галасаваньня аб прыёме Чарнагорыі ў NATO, быў адным з двух сэнатараў, якія прагаласавалі супраць. Паводле яго, прыём яшчэ адной маленькай краіны ў альянс не адаб’ецца на ўсеагульнай бясьпецы, а толькі дабавіць яшчэ аднаго ўтрыманца ў шэрагі NATO.