Міністэрства замежных справаў Чэскай Рэспублікі ў панядзелак заклікала ўлады Беларусі і Расеі вызваліць людзей, якія былі затрыманыя падчас дэманстрацый у мінулыя выходныя.
Міліцыя ў Беларусі арыштавала ў суботу больш за 400 удзельнікаў шэсьця на Дзень Волі, якія таксама пратэставалі супраць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі ўладаў.
Падчас нядзельных акцый пратэсту супраць карупцыі ў Маскве было затрымана больш за сотню дэманстрантаў, уключна з апазыцыйным лідэрам Аляксеем Навальным.
«Мы ўважліва сочым за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі і Расеі. Мы заклікаем усе адказныя органы да вызваленьня ўсіх затрыманых і павазе іх правоў і свабод», — заявіла Міністэрства замежных справаў Чэхіі на сваёй старонцы ў Твітэры.
Плякат на будынку Чэскай акадэміі кінамастацтваў (FAMU), супраць рэпрэсій у Беларусі. 25 сакавіка 2017 году.