Служба бясьпекі Украіны (СБУ) падрыхтавала дакумэнт аб забароне ўезду ва Украіну удзельніцы Эўравізіі ад РФ Юліі Самойлавай. Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта кіраўнік СБУ Васіль Грыцак заявіў сёньня ў камэнтары журналістам у Кіеве.
«На гэтую хвіліну рашэньне аб яе заезьдзе ва Ўкраіну ці не заезьдзе пакуль не прынята, хоць адкрыю таямніцу, адпаведны дакумэнт ужо падрыхтаваны», — сказаў Грыцак.
Старшыня СБУ адзначыў таксама, што ён асабіста лічыць яе прыезд ва Ўкраіну немэтазгодным. Паводле яго, Самойлава ня проста наведвала Крым, але і пакінула запісы ў сацыяльных сетках, дзе яна выказвалася пра Ўкраіну, яе ўлады, узяты курс на эўраатлянтычную інтэграцыю.
«Мая пазыцыя выразная, закон мусіць быць адзін для ўсіх... Я лічу, што яна не павінна прыяжджаць ва Ўкраіну», — сказаў Грыцак.
Раней расейскія СМІ паведамілі, што СБУ ўжо дала дазвол Самойлавай на ўезд ва Ўкраіну для ўдзелу ў «Эўравізіі-2017». Разам з тым Самойлава парушыла ўкраінскае заканадаўства, паколькі ў 2015 годзе выступала ў анэксаваным Крыме, куды яна пераехала з парушэньнем усталяванага Ўкраінай парадку.