Прадстаўнікі сырыйскіх апазыцыйных групаў заявілі, што яны ня будуць удзельнічаць у заплянаваных на 14 сакавіка ў сталіцы Казахстану Астане мірных перамовах. Сваё рашэньне яны тлумачаць нежаданьнем Расеі і Сырыі выконваць заключаныя ў сьнежні дамоўленасьці аб спыненьні агню.
«Расея працягвае свае злачынствы ў Сырыі супраць цывільнага насельніцтва і падтрымку злачынстваў сырыйскага рэжыму», — сказаў адзін з прадстаўнікоў апазыцыі Усама Абу Зайд.
Сырыйскія паўстанцкія групы 11 сакавіка заклікалі адкласьці перамовы ў Казахстане і заявілі, што наступныя кантакты будуць залежаць ад таго, ці сырыйскі ўрад і ягоныя саюзьнікі далучацца да спыненьня агню.
Апазыцыянэры заявілі, што ўрадавыя сілы і тыя, якія падтрымліваюцца Іранам, працягваюць бамбаваць раёны паблізу Дамаску, Хомса, Дэраа і Ідліба, а таксама рыхтуюцца да штурму двух раёнаў на ўскраіне сырыйскай сталіцы.