Эўразьвяз працягнуў індывідуальныя санкцыі супраць Расеі

Арсен Паўлаў, вядомы пад мянушкай Матарола.

Эўрапейскі Зьвяз падоўжыў на шэсьць месяцаў тэрмін дзеяньня санкцый, накладзеных у 2014 годзе на шэраг фізычных асобаў і арганізацый, якія сталі прычынай шкоды, незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

У паведамленьні на сайце Эўрапейскай рады адзначаецца, што сьпіс быў скарочаны за кошт выключэньня зь яго двух памерлых чалавек. У новым сьпісе адсутнічаюць палявы камандзір сэпаратыстаў Арсен Паўлаў, вядомы пад мянушкай Матарола і былы кіраўнік урада самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Генадзь Цыпкалаў, якія загінулі ў 2016 годзе. У скарочаным сьпісе знаходзяцца 150 фізычных асоб і 37 арганізацый.

У 2014 годзе Эўразьвяз увёў супраць Расеі індывідуальныя і эканамічныя санкцыі пасьля анэксіі Крыму і пачатку канфлікту ў Данбасе. Асобам, якія знаходзяцца пад санкцыямі, забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, а іх актывы ў эўрапейскіх банках замарожаныя.