У сераду нафта патаньнела на 5 працэнтаў, у чацьвер цана апусьцілася яшчэ на 2 зь лішнім працэнты. Нафта эталённай маркі Brent таксама стала таньнейшай, але каштуе па-ранейшаму трохі даражэй амэрыканскай, 52 даляры за барэль.
У студзені краіны АПЭК ды іншыя вядучыя вытворцы, якія не ўваходзяць у картэль, паменшылі здабычу, што прывяло спачатку да павышэньня цэнаў. Скачок іх, аднак, дазволіў амэрыканскім здабытчыкам сланцавай нафты зноў запусьціць закансэрваваныя магутнасьці, прычым хутка і з малымі выдаткамі. У выніку аб’ём запасаў здабытай нафты ў ЗША расьце ўжо дзевяць тыдняў запар і на мінулым тыдні дасягнуў рэкорднай велічыні — больш як 528 мільёнаў барэляў.
Як адзначаюць аналітыкі, найбуйнейшаму вытворцу АПЭК, Саудаўскай Арабіі, цяпер трэба будзе вырашыць, ці гатовая яна, скарачаючы здабычу ў мэтах падтрыманьня цэнаў, саступаць сваю долю на рынку амэрыканцам.
Падзеньне цэнаў адбілася на курсах акцый вядучых энэргетычных кампаній ЗША, іх сукупны біржавы індэкс упаў з пачатку гэтага году на 8,5 працэнта. Намаганьні адміністрацыі Трампа аслабіць захады рэгуляваньня нафтавых кампаній могуць прывесьці да далейшага зьніжэньне цэнаў.