500 блогераў на службе Крамля, — Расея ва Ўкраіне стварае прапагандысцкую сетку

Ілюстрацыйнае фота

Прапагандысцкі праект дзеля дыскрэдытацыі эўрапейскага выбару Ўкраіны створаны расейскім палітыкам Канстанцінам Затуліным.

Як паведамляе агенцтва «Укрінформ», праект мае назву «Ўкраіна не ЭЗ», і ён ужо дзейнічае.

На тэрыторыі Ўкраіны — у Кіеве, Харкаве, Адэсе, на Луганшчыне і Данеччыне — ствараецца сетка блогераў (да 500 чалавек), якія будуць дыскрэдытаваць эўраінтэграцыйны вэктар разьвіцьця Ўкраіны і навязваць прарасейскі курс.

У анатацыі праекту прыводзіцца шэраг маніпулятыўных сьцьвярджэньняў пра тое, што курс Украіны на Эўразьвяз і адмова ад расейскага рынку збыту «прывялі эканамічную і сацыяльную сфэры Ўкраіны да краху, што ўкраінцы стаміліся ад карумпаванай і несумленнай улады», а эўрапейцы — «ад неэфэктыўнай і беспэрспэктыўнай» палітыкі Ўкраіны, і што нібыта неўзабаве Эўразьвяз адмовіцца ад Украіны як дзелавога партнэра і дружалюбнага суседа" і пачне весьці «прадметны і публічны дыялёг з Масквой пра аднаўленьне стасункаў», элемэнтам якога можа стаць і адмова ад санкцый супраць Расеі.

Пры гэтым «адмова эўрапейскіх краінаў ад прыняцьця Ўкраіны ў ЭЗ» павінна спрыяць пазытыўнаму для Масквы рашэньню «крымскага пытаньня». Сярод іншых «экспэртных сьцьвярджэньняў» ёсьць і тое, што слоган «Украіна не ЭЗ» нібыта адпавядавае базавым запатрабаваньням Эўропы, "для якой цяпер больш актуальнае імкненьне да падзелу Ўкраіны на дзьве часткі: адна частка — прарасейская, другая — праэўрапейская.