Заканадаўчы орган непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі прыняў у першым чытаньні законапраект аб прызнаньні расейскага трыкалёру другім дзяржаўным сьцягам. Пра гэта паведамляе агенцтва «Навіны» Прыднястроўя.
У дакумэнце ўдакладняецца, што такое рашэньне выклікана імкненьнем «да ўзьяднаньня з Расейскай Фэдэрацыяй».
Аўтары ініцыятывы мяркуюць, што прыняцьце законапраекту дапаможа палепшыць адносіны паміж бакамі.
Сьцяг Расеі будзе разьмяшчацца на будынках i ў памяшканьнях дзяржаўных органаў і органаў самакіраваньня і падчас афіцыйных мерапрыемстваў. Выкарыстаньне расейскага трыкалёру не паўплывае на статус сьцяга Прыднястроўя. Пры адначасовым узьняцьці Прыднястроўскі сьцяг будзе разьмяшчацца зь левага боку будынка, а расейскі — з правага, адзначае агенцтва.