Хадаркоўскі: расейская ўлада займаецца «сыстэмнай дэбілізацыяй грамадзтва»

Міхаіл Хадаркоўскі

Экс-кіраўнік ЮКОСа, заснавальнік руху «Адкрытая Расея» Міхаіл Хадаркоўскі распаўсюдзіў адкрыты ліст, у якім выклаў сваё разуменьне таго, што адбываецца ў Расеі, і бачаньне шляхоў вырашэньня задачы «бяскроўнага транзыту ўлады». Ва ўступнай частцы ён адзначае, што ўлада праводзіць дзеяньні, накіраваныя на «дэбілізацыю грамадзтва», і папулярызуе «цяперашняе дзікунства».

Хадаркоўскі адзначае, што расейскае грамадзтва надзвычай антаганізавалася. На ягоную думку, «палярная рэакцыя часткі грамадзтва на сьнежаньскую трагедыю ў Сочы, на забойства Барыса Нямцова, на сьмерць Віталія Чуркіна паказвае ўзровень узаемнага непрыняцьця, які зашкальвае».

Тым ня менш Хадаркоўскі піша, што расейскія культура і навука па-ранейшаму зьяўляюцца значнай часткай усясьветнай, за што, на яго думку, варта дзякаваць «не такой ужо шматлікай» частцы грамадзтва, якую ён называе «рускімі эўрапейцамі». На ацэнку Хадаркоўскага, улада баялася і баіцца адзінства «рускіх эўрапейцаў».

Дзейная ўлада да гэтага часу ня хоча «вырашаць праблему свайго сыходу», лічыць Хадаркоўскі, адзначаючы, што яна «на самой справе слабая і баіцца канкурэнцыі, баіцца страціць сваю бескантрольнасьць».

Хадаркоўскі прапануе пачаць працэс пераменаў з круглага стала наконт транзыту ўлады з удзелам экспэртаў з камандаў Кудрына і Касьянава, Яўлінскага і Навальнага, Каспарава і Цітова, ОНФ і «Адкрытай Расеі». «Гадавіна рэвалюцыі дае для гэтага нагоду і падставу», — піша ён. На ягоную думку, галоўная мэта — захаваньне адзінства расейскай нацыі і забесьпячэньне мірнага транзыту ўлады — апраўдвае ўсе нязручнасьці такіх зносін.