Данбас: сэпаратысты спыняць пастаўкі вугалю ва Ўкраіну і пераарыентуюацца на Расею

На ўсходзе Ўкраіны прарасейскія сэпаратысты самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік абвясьцілі аб увядзеньні «вонкавага кіраваньня» на ўкраінскіх прадпрыемствах, разьмешчаных на падкантрольных ім тэрыторыях.

Пастаўкі вугалю з тэрыторый Данбаса ў астатнія рэгіёны Украіны спыняцца.

У сумеснай заяве кіраўнікоў так званых «ДНР» і «ЛНР» гаворыцца, што такія меры прыняты праз блякаду чыгуначных шляхоў, якія вядуць у занятыя сэпаратыстамі тэрыторыі зь іншымі ўкраінскімі гарадамі. Улады самаабвешчаных рэспублік паабяцалі пераарыентаваць вытворчасьць на расейскі рынак.

На падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях Данбаса, якія Ўкраіна называе часова акупаванымі, дзейнічаюць некалькі буйных заводаў і дзясяткі шахтаў, якія захоўваюць украінскую юрысдыкцыю.

У канцы студзеня пачалася блякада чыгуначных шляхоў. Яе ініцыятарамі сталі людзі, якія называюць сябе вэтэранамі апэрацыяў супраць сэпаратыстаў. Яны запатрабавалі спыніць гандаль зь непадкантрольнымі Кіеву тэрыторыямі.