На захадзе Сырыі ў горадзе Хомс пры падрыве сьмяротнікаў ля будынкаў, дзе разьмешчаныя службы бясьпекі рэжыму Башара Асада, загінулі больш за сорак чалавек, паведаміў Сырыйскі цэнтар маніторынгу парушэньняў правоў чалавека.
Улады правінцыі Хомс пацьвердзілі інфармацыю пра напады і паведамілі іншыя зьвесткі пра ахвяраў — загінулі 20 чалавек.
Шасьцёра сьмяротнікаў зьдзейсьнілі напад, заявіў агенцтву AFP кіраўнік Сырыйскага праваабарончага цэнтру. Сырыйскае дзяржаўнае тэлебачаньне пацьвярджае гэтую інфармацыю. Сярод загінулых ёсьць высокапастаўленыя сырыйскія вайскоўцы.
Праваабаронцы паведамляюць, што пасьля выбухаў адбыліся ўзброеныя сутыкненьні, цэнтар горада ачэплены.
Адказнасьць за арганізацыю і ажыцьцяўленьня выбухаў узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Фронт ан-Нусра».