NATO: расейскі фэйк скіраваны на падрыў нашага іміджу

Генэрал Пэтр Павэл

Фальшывае паведамленьне аб згвалтаваньні нямецкімі салдатамі 15-гадовай дзяўчынкі ў Літве скіраванае на падрыў іміджу місіі NATO ва Ўсходняй Эўропе, заявіў чэскі генэрал Пэтр Павэл, кіраўнік ваеннага камітэту NATO.

Ён выказаў упэўненасьць, што за навіной стаіць Расея і спаслаўся на свае размовы зь міністрамі абароны Літвы і Нямеччыны. Паводле генэрала, каб выказаць незадаволенасьць разгортваньнем сіл NATO паблізу яе межаў Расея спрабуе з дапамогай прапаганды ўзьдзейнічаць на грамадзкае меркаваньне.

15 лютага літоўскія СМІ паведамілі, што на электронную пошту сьпікера Сэйму Літвы, а таксама паліцыі Коўна паступілі лісты аб згвалтаваньні нямецкімі салдатамі мясцовай дзяўчынкі. Пазьней паліцыя гораду заявіла, што інфармацыя не пацьвердзілася.