У ЗША праходзіць пратэст супраць больш жорсткай іміграцыйнай паліткі

Пратэст у міжнародным аэырпорце Чыкага супраць абмежаваньняў на ўезд у ЗША. 29 студзеня 2017 году.

У ЗША больш за 100 рэстаранаў і дзясяткі іншых устаноў сфэры абслугоўваньня не працуюць 16 лютага ў знак пратэсту супраць іміграцыйнай палітыкі прэзыдэнта краіны Дональда Трампа.

Арганізатары акцыі «Дзень без імігрантаў» заклікалі ўсіх неграмадзян, якія жывуць у краіне, не хадзіць у чацьвер на працу, у крамы, ня есьці у рэстаранах, прапусьціць навучальныя заняткі — каб наглядна прадэманстраваць тую важную ролю, якую яны граюць у амэрыканскай эканоміцы і ва ўсіх сфэрах жыцьця.

Акцыі прайшлі ў шэрагу гарадоў, сярод якіх Вашынгтон, Філадэльфія, Чыкага, Бостан, Х’юстан і Нью-Ёрк.

Акцыю ладзілі праз сацыяльныя сеткі ў адказ на часовае ўзмацненьне правілаў іміграцыі прэзыдэнцкім указам, выкананьне якога было прыпынена рашэньнем фэдэральнага судзьдзі ў Сіэтле.

У чацьвер Дональд Трамп заявіў, што на будучым тыдні выдасьць новы ўказ адносна іміграцыі, яшчэ раз падкрэсьліўшы неабходнасьць «абараніць краіну».