Прэзыдэнт Туркмэністану памілаваў больш за 800 вязьняў

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў у гонар Дня Дзяржаўнага сьцяга памілаваў 828 вязьняў.

«Кіруючыся традыцыямі міласэрнасьці і гуманізму, мы сыстэматычна праводзім такія акцыі, вызваляючы зь месцаў зьняволеньня асуджаных», — адзначыў прэзыдэнт Туркмэністану, падпісваючы дакумэнт. Згодна з указам, кіраўнікам абласьцей, раёнаў і гарадоў даручана паклапаціцца аб працаўладкаваньні памілаваных грамадзян.

Дзень дзяржаўнага сьцяга ў Туркмэністане адзначаецца штогод 19 лютага.

Папярэдні ўказ аб памілаваньні Бэрдымухамэдаў падпісаў у сьнежні мінулага году, з нагоды сьвяткаваньня Дня нэўтралітэту. Тады пад амністыю падпаў 561 асуджаны.

У нядзелю ў Туркмэністане адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Бэрдымухамэдаў быў пераабараны на трэці тэрмін. Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны, ён набраў амаль 98 працэнтаў галасоў выбарнікаў.