15 лютага Акцябрскі раённы суд на Гомельшчыне заслухаў тлумачэньні чатырох чыноўнікаў мясцовага райвыканкаму, якія абвінавацілі актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былую дэпутатку парлямэнту Алену Луцковіч у дробным хуліганстве. Тая разам з блогерам Андрэем Павуком 17 студзеня спрабавала высьветліць меркаваньне чыноўнікаў, наколькі выбары ў Беларусі сумленныя й справядлівыя. Луцковіч з мікрафонам задавала пытаньні, а Павук — здымаў на відэа.
Усе яны, па сутнасьці, супярэчылі таму, што было напісана ў заявах ў міліцыю.
«Самым цікавым у тлумачэньнях чыноўнікам было тое, — кажа Алена Луцковіч,— што ўсе яны, па сутнасьці, супярэчылі таму, што было напісана ў заявах ў міліцыю пра маё „хуліганства“. І што я дарогу ім перагароджвала, і на працу не пускала. Нават самы пільны чыноўнік, намесьнік начальніка ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі райвыканкаму Сяргей Зарычны, які й патэлефанаваў у міліцыю, што я „прыстаю“ да чыноўнікаў з непрыемнымі пытаньнямі, і той прызнаўся, што згледзеў маё „хуліганства“ не ідучы на працу, а стоячы каля вакна ў кабінэце».
Апрача «сыгналу» Сяргея Зарычнага, у міліцыю паступілі заявы начальніцы аддзелу арганізацыйна-кадравай работы райвыканкаму Тацяны Семянец, начальніцы ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва Тацяны Габінетавай, галоўнай спэцыялісткі аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Ірыны Дулуб.
Менскі адвакат Дзьмітры Лепратор, які абараняе Алену Луцковіч, пацікавіўся у Тацяны Габінетавай, на які час затрымалі яе па шляху на працу Луцковіч і Павук?
«Хвіліны на дзьве» — адказвала начальніца.
«А на відэа ваша з Луцковіч сустрэча цягнулася чатыры сэкунды», — заўважыў адвакат.
Габінетава патлумачыла суду, што яна моцна расхвалявалася, і ёй давялося прымаць таблетку.
«Дык вы хочаце пра’явіць Луцковіч матэрыяльныя прэтэнзіі? — пацікавіўся адвакат.
«Не-не», — запэўніла суд Габінетава.
Адміністрацыйную справу пра «хуліганства» актывісткі Луцковіч разглядае старшыня суду Акцябрскага раёну Людміла Гармаш. Суд будзе працягнуты 17 лютага.