Дадзеныя аб тэлефонных званках і перахопленых размовах паказваюць, што супрацоўнікі перадвыбарнага штабу Дональда Трампа і іншыя людзі зь яго атачэньня неаднаразова кантактавалі з прадстаўнікамі расейскай выведкі на працягу году перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
Пра гэта паведаміла газэта New York Times.
Спасылаючыся на чатырох неназваных цяперашніх і былых амэрыканскіх чыноўнікаў, газэта піша, што амэрыканскія праваахоўныя органы і разьведслужбы перахапілі размовы прыкладна ў той жа час, калі яны выявілі сьведчаньні, што Расея спрабавала ўмяшацца ў хаду прэзыдэнцкіх выбараў праз хакерскія атакі на Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі.
Паводле газэты, пасьля гэтага разьведслужбы спрабавалі высьветліць, ці ўступаў штаб Трампа ў змову з расейскім бокам у сувязі з хакерскімі атакамі або іншымі спробамі паўплываць на хаду выбараў.
Дональд Трамп адрэагаваў на гэта ў сваім Твітэры:
«Гэты нонсэнс пра расейскія сувязі — толькі спроба прыкрыцьця шматлікіх памылак, дапушчаных у часе пройгрышнай кампаніі Гілары Клінтан».
У іншым твіце Трамп заявіў, што «інфармацыя нелегальна перадаецца разьведвальнай супольнасьцю газэтамі The New York Times і The Washington Post, якія губляюць чытачоў». «Гэта АНБ або ФБР? — пытаецца ў «Твітэры» Трамп і дадае — Проста Расея».
Крыніцы New York Times, апытаныя на працягу апошніх тыдняў, паведамілі, што ня бачылі сьведчаньняў такога супрацоўніцтва асяродзьдзя Трампа з расейскім бокам.
Тым ня менш, перахопленыя размовы ўстрывожылі амэрыканскую выведвальную супольнасьць і праваахоўныя органы, у прыватнасьці, з-за маштабаў гэтых кантактаў, якія адбываліся на тле цёплых выказваньняў Трампа аб расейскім прэзыдэнце Ўладзіміры Пуціне, адзначае газэта.
Чыноўнікі паведамілі, што фігурантамі перахопленых размоваў былі ня толькі прадстаўнікі штабу Трампа, але і іншыя зьвязаныя зь ім асобы, піша выданьне. З расейскага боку, кантакты таксама ўключалі прадстаўнікоў улады, якія не зьяўляюцца супрацоўнікамі разьведвальных службаў.
Крыніцы New York Times паведамілі, што адным з дарадцаў, якія ўдзельнічалі ў размовах, быў Пол Манафорт, які кіраваў перадвыбарнай кампаніяй Трампа некалькі месяцаў, а раней займаўся палітычным кансультаваньнем у Расеі і Ўкраіне. Чыноўнікі адмовіліся назваць іншых паплечнікаў Трампа, якія прымалі ўдзел у размовах.
Рэестры званкоў і перахопленыя размовы — толькі частка інфармацыі, якую вывучае ФБР, расьсьледуючы сувязі паміж асяродзьдзем Трампа і расейскімі ўладамі, гаворыцца ў артыкуле.
У рамках расьсьледаваньня ФБР атрымлівае банкаўскую інфармацыю, зьвесткі аб падарожжах, а таксама праводзіць гутаркі, паведамляе New York Times.