У штогадовым лісьце пра працу свайго дабрачыннага фонду, які быў апублікаваны ў аўторак, муж і жонка Гейтсы адзначылі, што дзякуючы намаганьням іх фонду і іншых падобных арганізацый, з 1990 года ўдалося выратаваць жыцьці 122 мільёнаў дзяцей.
«Практычна ўсе дасягненьні ў грамадзтве — правільнае харчаваньне, адукацыя, доступ да кантрацэптываў, гендэрная роўнасьць, эканамічны рост — знаходзяць адлюстраваньне ў статыстыцы дзіцячай сьмяротнасьці, а кожнае дасягненьне ў гэтай галіне адлюстроўваецца ў дасягненьнях для грамадзтва», — гаворыцца ў лісьце.
Па словах Гейтсаў, недаяданьне зьяўляецца прычынай 45 адсоткаў выпадкаў дзіцячай сьмяротнасьці і крыніцай пажыцьцёвых наступстваў, зьвязаных з запаволеньнем фізычнага і кагнітыўнага разьвіцьця, а таксама з павышэньнем рызыкі такіх захворваньняў, як пнэўманія і дыярэя.
На думку Біла і Мэлінды Гейтсаў, самы просты спосаб барацьбы зь непаўнавартасным харчаваньнем — кармленьне грудзьмі толькі на працягу першых шасьці месяцаў жыцьця дзіцяці.
Грудное гадаваньне таксама зьяўляецца ключавым элемэнтам барацьбы са сьмяротнасьцю нованароджаных, на ўзровень якой павышэньне даходаў насельніцтва ўплывае ня так, як на іншыя фактары ў сфэры аховы здароўя. У лісьце праводзіцца параўнаньне паміж Руандай і Малі — нягледзячы на тое, што ўзровень росту эканомікі гэтых краін прыкладна аднолькавы, у Руандзе сьмяротнасьць нованароджаных у два разы ніжэй. На думку аўтараў ліста, гэтаму спрыяюць намаганьні па прапагандзе груднога гадаваньня з першых гадзін жыцьця, гігіенічных мэтадаў пераразаньня пупавіны і больш высокі працэнт родаў з удзелам кваліфікаванага мэдпэрсаналу.
У лісьце таксама гаворыцца, што ў цяперашні момант дасягнутыя рэкордныя паказчыкі вакцынацыі: ня менш за 86 адсоткаў дзяцей у сьвеце маюць доступ да базавага набору прышчэпак ад такіх хваробаў, як дыфтэрыя, слупняк і коклюш.