У Расеі былому дэпутату далі тры гады ўмоўна за падрыў аўтавакзалу

Былы дэпутат савета сельскага селішча ў Пермскім краі прыгавораны судом да трох гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна і выплаце кампэнсацыі за выбух у будынку мясцовага аўтавакзалу, паведамляецца на сайце пракуратуры.

Прозьвішча асуджанага не называецца. У сюжэце мясцовай рэдакцыі перадачы «Вести» падазраванага называлі «паважаным чалавекам у горадзе».

Па вэрсіі сьледзтва, былы дэпутат арандаваў будынак аўтавакзала, але дамову арэнды зь ім скасавалі па рашэньні Арбітражнага суду.

Незадаволены гэтым рашэньнем, ноччу ён прынёс у аўтавакзал газавы балён і тры каністры бэнзіну. У памяшканьні ён выпусьціў прапан, пасьля чаго падпаліў гаручую сумесь. Будынак аўтавакзала быў цалкам зьнішчаны. Выбуховая хваля выбіла шыбы ў некалькіх будынках побач, у тым ліку ў цэнтральнай аптэцы раёна, ваенкамаце і краязнаўчым музэі. Ніхто не пацярпеў