Паводле інфармацыі прэсавага сакратара ўраду Ўладзіслава Сычэвіча, дэлегацыя Беларусі на чале з намесьнікам прэмʼер-міністра Ўладзімерам Сямашкам паехала ў Маскву на перамовы. Прэс-сакратар адзначыў, што дэлегацыя накіравалася на перамовы «ў звычайным рабочым парадку. Тэматыка перамоваў не раскрываецца».
З прычыны разыходжаньняў у падыходах да вызначэньня цаны расейскага газу паміж Расеяй і Беларусьсю ўзьнік канфлікт неплацяжоў. Усяго за 2016 год неплацяжы могуць дасягнуць 500 мільёнаў даляраў. Расея ў адказ пастаўляе ў Беларусь нафту па скарочаным графіку. Згодна з гэтым графікам у першым квартале маюць прапампаваць у краіну 4 мільёны тон замест 5,5 мільёна тон, як два гады таму.